САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ,

выканаўчы орган Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха). Існаваў з 9.12.1917 па 25.2.1918 у Мінску. Утвораны на 1-м пленарным пасяджэнні Аблвыкамзаха. Старшыні СНК: К.І.Ландар, А.Ф.Мяснікоў, М.І.Калмановіч. У студз. 1918 замест пасады старшыні СНК утворана калегія камісараў. СНК меў аддзелы (камісарыяты) на чале з камісарамі: ваен. (Мяснікоў), унутр. спраў (Ландар), харч. (Калмановіч, І.​Новікаў), фін. (І.​П.​Федзянёў, І.​І.​Рэйнгольд), нац. (С.​І.​Берсан), зямельны (Н.​М.​Дайнека, Саржынскі), працы (І.​Я.​Алібегаў, Панцялееў), гандлю і прам-сці (У.​М.​Фрэйман, Ф.​Г.​Шалаеў), нар. асветы (Л.​П.​Рэзаўскі, Шлес, Савацееў), юстыцыі (У.​С.​Селязнёў, Р.​В.​Пікель), апекі (В.​П.​Красноў, В.​Л.​Муха, В.​І.​Смірноў, Катлярэўскі), пошт і тэлеграфа (Несцярэнка), чыг. (Смірноў); кіраўнікі спраў — П.​Осіпаў, В.​Г.​Кнорын, Савацееў, Селязнёў. Ў студз.лют. 1918 арганізаваны аддзелы нар. гаспадаркі (П.​Казлоў), па справах бежанцаў (М.​Віглянскі), аховы здароўя (Л.​Грамашэўскі); пры аддзеле па нац. справах створаны 2 пададдзелы па польскіх (С.​Л.​Гельтман) і яўр. (Фрыдлянд) справах. Ваен. аддзел рэарганізаваны ў Ваен. к-т на чале калегіі з 9 асоб (старшыня Мяснікоў); на яго ўскладзена задача стварэння Рабоча-Сял. Чырв. Арміі і дэмабілізацыя армій Зах. фронту. Юрысдыкцыя СНК пашыралася на Мінскую і неакупіраваную частку Віленскай губ. Дзейнічаў у кантакце з Мінскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, да 25.12.1917 паралельна з ім існаваў ранейшы орган улады — Ваен.-рэв. к-т Зах. фронту. СНК ажыццяўляў дэкрэты СНК РСФСР, ствараў органы сав. улады, скасоўваў старыя дзярж. ўстановы, наладжваў гасп. жыццё (выпуск тавараў нар. спажывання, устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня, дапамога беспрацоўным, адкрыццё пунктаў грамадскага харчавання і інш.). Узяў пад кантроль усе банкі і грашова-крэдытныя ўстановы, нацыяналізаваў шэраг прадпрыемстваў. Паводле яго загаду распушчаны Усебеларускі з’езд 1917, Цэнтральная беларуская вайсковая рада, арыштаваны шэраг бел. нац. дзеячаў, спынены выданні некат. газет. Для ўмацавання ўлады ў снеж. 1917—18 ствараліся рэв. трыбуналы і нар. суды. Дзейнасць СНК спынена 19.2.1918 у сувязі з наступленнем герм. войск. Пасля эвакуацыі ў Смаленск сваёй дзейнасці не аднаўляў. Паводле пастановы Аблвыкамзаха ад 25.2.1918 выканаўчая ўлада з названага органа не вылучалася.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 14, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)